Фестываль песні на англiйскай мове " New Year-New You!
З мэтай павышэння матывацыі да вывучэння замежнай мовы, а таксама развіцця творчых здольнасцяў навучэнцаў у дзяржаўнай установе адукацыі "Сярэдняя школа № 1 г.Скідзеля" штогод праходзіць пазакласнае мерапрыемства "Фестываль песні на англійскай мове" ("English Song Festival"). Вывучэнне англійскай мовы з дапамогай песень - адзін з любімых відаў дзейнасці навучэнцаў. Удзел у такім мерапрыемстве дапамагае педагогам выявіць таленавітых дзяцей, развіваць у іх мастацкі густ, далучыць да лепшых узораў замежнага мастацтва. Навучэнцы, у сваю чаргу, могуць прадэманстраваць свой узровень валодання англійскай мовай, павялічыць слоўнікавы запас, удасканальваць вымаўленне.
У бягучым навучальным годзе фестываль песні на англійскай мове прайшоў пад дэвізам " New Year-New You!" Фестываль праводзіўся шосты раз і стаў добрай традыцыяй школы. З кожным годам узровень правядзення дадзенага мерапрыемства павышаецца: нумары дзівяць сваёй яркасцю і крэатыўнасцю, а жадаючых спяваць на англійскай мове становіцца ўсё больш і больш. Удзельнікамі фестывалю сталі навучэнцы 3-11 класаў, якія прадставілі гледачам 16 арыгінальных нумароў. Песенны рэпертуар уключаў у сябе не толькі класічныя і сучасныя кампазіцыі, але таксама і рок-хіты. Усе навучэнцы выступілі на высокім узроўні, прадумаўшы свае выступленні да дробязяў: касцюмы, падтанцоўка, элементы тэатралізацыі. Самымі юнымі ўдзельнікамі сталі навучэнцы 3-х класаў, яны выканалі песню "Grasshopper". Асабліва хочацца адзначыць вакальныя здольнасці і артыстызм такіх удзельнікаў як Цішкевіч Кацярына ("Love the way you lie") (8Б клас), Багушэвіч Наталля ("Running", "I love Belarus") (11А клас), Задарожная Маргарыта, Вікторыя Матыс і Кацярына Ёрш ("I'm not alone") (7A клас), Мазан Арына ("Don't let me down) (6А клас). Уразілі сваімі вобразамі і крэатыўнасцю нумары Балабанавай Святланы ("Billie Jean") (4B клас), Камашавай Васіліны ("Silence") (10 клас), Віктара Вароны ("I was made…") (5A клас). Трэба адзначыць выдатнае выступленне і эмацыйнасць нумароў Варанецкай Васілісы і Нячай Лізаветы ("Cheap thrills") (6А клас), Боўтач Сняжаны ("Toca-toca") (7A клас), Казлавіцкай Ксеніі і Якімчык Арыны ("We wish you a Merry Christmas") (4A клас), Зянкевіч Валерыі і Шваба Анастасіі ("Jingle Bells") (4В клас). А вядучыя фестывалю Савашэвіч Арына і Мацвей Петушок увялі гледачоў у атмасферу іншамоўных зносін і стварылі ў зале настрой сапраўднага свята.
Па заканчэнні фестывалю ўсім удзельнікам былі ўручаны сертыфікаты. Арганізатарамі і каардынатарамі правядзення фестывалю выступілі настаўнікі англійскай мовы сумесна з музычнымі кіраўнікамі ўстановы адукацыі. Усе гледачы, удзельнікі і госці атрымалі масу эмоцый, незабыўныя ўражанні і велізарнае задавальненне ад пачутага і ўбачанага!
Ганна Яцко,
настаўніца англійскай мовы дзяржаўнай установы адукацыі
"Сярэдняя школа №1 г. Скідзеля"