Дзень роднай мовы.
Дзень роднай мовы традыцыйна ярка і насычана прайшоў ў нашай школе. Ён пачаўся з акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Вучняў і настаўнікаў віталі беларусачкі, якія напаміналі ўсім аб тым, што 21 лютага ўвесь свет адзначае Дзень роднай мовы. На вялікіх перапынках Міхно Алеся, Салей Аляксандра, Дубавец Марыя і Бобрык Ала правялі інтэрактыўную гульню “Папацей, грамацей!” На працягу ўсяго дня працавала фотазона “Я люблю беларускую мову”, дзе многія вучні рабілі здымкі, сэлфі і адразу выкладвалі іх на свае старонкі. На трэцім паверсе адбыўся фэст вучнёўскіх флаераў “У любімай мове, роднай, наскай,Ах, якія словы…”. Вучні 5-ых і 6-ых класаў на працягу ўсяго тыдня рыхтавалі свае флаеры, каб перадаць прыгажосць і адметнасць багатай беларускай лексікі. На музычных перапынках усе пелі і танцавалі пад беларускія песні. Пасля ўрокаў за парты селі настаўнікі і жыхары нашага горада, каб напісаць Гродзенскі абласны дыктант, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі.
Тыдзень роднай мовы выдаўся насычаным і плённым: сустрэліся з паэткай Тамарай Мазур, наведалі “Музей у чамадане” і выставу “Пісьменнікі-юбіляры”, паўдзельнічалі ў турніры перакладчыкаў, захапляліся этнаграфічным калейдаскопам, малявалі, танцавалі, спявалі, чыталі вершы па-беларуску.